род насякомых сям. сапраўдных камароў атр. двухкрылых. Больш за 300 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў тропіках і субтропіках. На Беларусі 3 віды. Найб. трапляецца М.к. звычайны (A. maculipennis) М.к. з’яўляюцца пераносчыкамі плазмодыяў — узбуджальнікаў малярыі, тулярэміі, японскага энцэфаліту. М.к. звычайны таксама прамежкавы гаспадар паразітуючых на сабаках філярыід (гл.Філярыятоз). Жывуць паблізу вадаёмаў, у балоцістых мясцінах, каля населеных пунктаў. Кампанент гнюсу.
Даўж. да 8 мм. Цела жаўтавата-бурае. Крылы вузкія, закругленыя, з 4—5 бурымі плямкамі. Ногі доўгія. Вусікі 15-членікавыя, у самцоў з густымі доўгімі валаскамі. Ротавыя органы колюча-сысучыя. У адрозненне ад інш. камароў характэрная пастава М.к. — цела, узнятае пад вуглом да паверхні, уніз галавой. Самцы кормяцца сокамі раслін, самкі, апрача таго, пасля апладнення смокчуць кроў пазваночных жывёл і чалавека (высмоктваюць крыві больш, чым важаць самі). Яйцы, лічынкі і кукалкі развіваюцца ў вадзе. Лічынкі дыхаюць атм. паветрам, трымаюцца пад паверхняй вады. За год 3—5 генерацый. Для знішчэння лічынак выкарыстоўваюць інсектыцыды, рэпеленты і інш., разводзяць рыб (напр., гамбузія), якія кормяцца лічынкамі і кукалкамі насякомых (біял. метад).